areh

Сяргей Арэхаў: «Галоўнае – пераадолець інертнасць мыслення»

Арэхаў Сяргей Уладзіміравіч, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта

Сяргей Уладзіміравіч, якое значэнне надаецца Упраўленнем адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта пытанням распаўсюджвання ведаў у сферы энергазберажэння і энергаэфектыўнасці? Якія цікавыя прыклады можна прывесці?

marafonСістэмная работа па пытаннях энергаэфектыўнасці і энергазберажэння, рацыянальнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў сумесна з Віцебскім абласным упраўленнем па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем ПЭР распачата ў вобласці з пачатку 2000-х гадоў. Вынікам гэтай сумеснай працы сталі арганізацыя і правядзенне абласнога конкурсу «Энергамарафон». Першы абласны конкурс адбыўся ў 2004 годзе і ўключаў у сябе два напрамкі: першы – гэта ліквідацыя нашай агульнай непісьменнасці ў пытаннях энергазберажэння, другі – непасрэдна праца з дзецьмі, данясенне дадзенай тэмы да навучэнцаў у даступнай для іх форме. Мы заклалі ў конкурс такія намінацыі, як «Агітбрыгада», «Конкурс плакатаў», «Лепшая распрацоўка вучня», «Лепшая распрацоўка педагога», іншыя. У 2008 годзе конкурс атрымаў статус рэспубліканскага. Ну а ў гэтым годзе падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў заключнага этапу VIII рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон» адбудзецца ў рамках Міжнароднага форуму «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы», які пройдзе 19-20 сакавіка ў Віцебску.

Самае галоўнае, што за гэты час мы змаглі звярнуць увагу да гэтай тэмы і кіраўнікоў устаноў адукацыі, і спонсараў.

Сёння на Віцебшчыне ў кулуарах розных нарад стала правілам добрага тону казаць аб пытаннях энергазберажэння. Гэта я вам дакладна кажу (смяецца). А гэта – важны паказчык. Усе мы разумеем, што адна з уласцівасцей мозгу, мыслення – гэта інертнасць. І вось гэтую інерцыю нам трэба было пераадолець, павярнуць людзей да гэтай тэмы. Так, спачатку гэта было на ўзроўні гутарак, потым пайшлі нейкія тэхнічныя мерапрыемствы. У выніку ўсё гэта дало магчымасць сканструяваць пэўную схему па рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 «Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы». Хачу падкрэсліць, што дадзеная Дырэктыва выйшла ў 2007 годзе, мы ж пачалі гэты працэс некалькімі гадамі раней.

Яшчэ адзін важны момант – у гэтым годзе на правядзенне абласнога этапу конкурсу не было выкарыстана ні рубля бюджэтных грошай. Усё фінансаванне было за кошт спосараў. А гэта таксама патрабаванні Дырэктывы №3 – аптымізацыя расходавання фінансавых сродкаў. Дзе б мы ні былі з просьбай аказаць садзейнічанне, якой бы напружанай ні была сітуацыя на тым ці іншым прадпрыемстве, нам, хто больш, хто менш, але дапамагаюць.

Якія станоўчыя прыклады ўдзелу Упраўлення ў рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі Вы можаце назваць?

Мы ў свой час пачалі супрацоўніцтва з Праграмай малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду ў Рэспубліцы Беларусь. Напэўна, усе прыклады пералічваць не буду, прывяду найбольш цікавыя. Сёння ў УА «Відзаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж» Браслаўскага раёна ў нас выбудаваная сістэма выхавання падрастаючага пакалення і праведзена тэхнічнае пераўзбраенне дадзенай установы адукацыі. Напрыклад, з ранняга сакавіка па глыбокі кастрычнік інтэрнат каледжа, які разлічаны на 300 вучняў, не марнуе ні адзінага рубля на падрыхтоўку гарачай вады – усё гарачае водазабеспячэнне ў гэты перыяд ажыццяўляе геліякалектар, усталяваны ў рамках рэалізацыі Праграмы малых грантаў. Акрамя гэтага ў каледжы ўсталявана сістэма водападрыхтоўкі, якая працуе не толькі на карысць установы адукацыі, але і забяспечвае трэць пасёлка якаснай пітной вадой. Гэта вада зусім іншай якасці, чым з іншых крыніц, і санітарныя службы не маюць да яе ніякіх прэтэнзій.

Яшчэ адзін прыклад – УА «Ульскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л.М. Даватара». Там таксама ўстаноўлены геліякалектар, усталявана сістэма водападрыхтоўкі. Як следства, маем такія ж станоўчыя вынікі.

1areh

2areh

Але гэта толькі адзін бок медаля – тэхнічны. Не менш важна, што падобныя аб’екты становяцца своеасаблівымі інфармацыйнымі каардынацыйнымі цэнтрамі па пытаннях энергаэфектыўнасці. На базе гэтых устаноў адукацыі мы праводзім семінары для кіраўнікоў і паказваем не канцэпцыі на паперы, а тое, што сапраўды можна памацаць рукамі. У нас практыка такая – вось вам станцыя водападрыхтоўкі, вось вам кранік – адкрывайце, піце! Праводзілі неяк семінар у Відзах на Вадохрышча, мароз мінус 15 на вуліцы, а ў нас у каледжы за кошт геліякалектара тэмпература вады 40 градусаў! І вось за кошт такіх прыкладаў мы праводзім навучанне, што дазваляе нашмат хутчэй пераадолець інертнасць мыслення, пра якую я казаў, дазваляе пераканаць кіраўнікоў укладваць грошы ў энергаэфектыўныя тэхналогіі.

Вашы чаканні ад праекта «Энергаэфектыўнасць у школах»? Якія пазітыўныя змены праект можа прынесці на Віцебшчыну?

У першую чаргу, мы будзем удзячныя за тое, што яшчэ адна ўстанова адукацыі Віцебскай вобласці будзе адпавядаць высокім тэхнічным патрабаванням і атрымае сучаснае аблічча. Але гэта, як я ўжо падкрэсліваў, толькі адзін бок медаля. Другі бок – гэта адукацыйная частка праекта, гэта ў тым ліку метад тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця, які актыўна ўжываецца праектам «Энергаэфектыўнасць у школах». Мы павінны і абавязаны паказаць усёй мясцовай супольнасці – і адміністрацыям раёна, і кіраўнікам горада, і дырэктарам устаноў адукацыі, і мясцоваму насельніцтву, што будзе, калі мы рэалізуем гэты праект, якія пазітыўныя змены адбудуцца.

Цяпер усе чаго баяцца – ой, якія вялікія грошы! Але мала хто задумваецца пра тое, якая вялікая потым будзе выгада і эканомія. Ну а з улікам таго, што згодна з «Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 г.» да 2017 года мы павінны пазбавіцца ад датацый за спажытыя цеплаэнергетычныя рэсурсы – і насельніцтва, і дзяржаўныя ўстановы – паспяховая рэалізацыя праекта з’яўляецца вельмі актуальнай.

Не сакрэт, што цепланосьбіты сёння даражэюць, спажыванне вады таксама абыходзіцца досыць дорага, таму задача адна – захаваць і зэканоміць. У гэтым плане рэалізацыя праекта «Энергаэфектыўнасць у школах» – гэта важкі ўклад у будучыню як у тэхнічным, так і ў адукацыйным плане.

Важна, што ў праекце вялікая ўвага надаецца навучанню настаўнікаў пытанням энергаэфектыўнасці. Чаму зарадзілася ідэя «Энергамарафона»? Задача важная – навучыць дзяцей эканоміць, стварыць адпаведную сацыяльную атмасферу. Але як, калі ў нас на пачатковым этапе не было ніякіх метадычных матэрыялаў, ніякіх распрацовак? Таму ў першым жа абласным конкурсе мы ўвялі па дадзенай тэматыцы намінацыю «Лепшая метадычная распрацоўка па пытаннях энергазберажэння». А сёння мы ўжо вымушаныя трошкі «прытармажваць» з новымі распрацоўкамі, кажам, давайце-ка спачатку ўкаранім тое, што ўжо існуе. І вось на гэтым этапе спатрэбяцца падрыхтаваныя педагогі, якія будуць здольныя эфектыўна данесці гэтыя веды да навучэнцаў. Ну і затым наступны крок, калі веды будуць распаўсюджваць ужо самі навучэнцы. А такія прыклады ўжо ёсць. У сярэдняй школе №12 горада Віцебска мы адкрылі рэсурсны цэнтр, які працуе ў тым ліку ў рамках праграмы «Залаты век». Людзі пенсійнага ўзросту, у якіх, па-першае, шмат вольнага часу, а па-другое, якія больш за іншых зацікаўлены ў тым, як зэканоміць у побыце, прыходзяць у рэсурсны цэнтр і атрымліваюць кансультацыю, як зэканоміць у побыце, не толькі ад спецыялістаў, якіх мы запрашаем, але і ад саміх навучэнцаў.

Пілотным аб’ектам праекта ў Віцебскай вобласці абраны Віцебскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання імя М.Ф.Шмырова. Што можна сказаць аб гэтай установе адукацыі?

Я так скажу, кіраўніцтва і калектыў гэтага каледжа заўсёды глядзяць на некалькі крокаў наперад. І не выпадкова менавіта гэта ўстанова адукацыі перамагла ў конкурсе праектных ініцыятыў. Тут існуюць вельмі сур’ёзныя напрацоўкі па выхаванні падрастаючага пакалення і мясцовага насельніцтва ў плане энергазберажэння. Больш за тое, у каледжа існуюць шырокія міжнародныя сувязі па абмене вопытам, якія сапраўды працуюць. Створаны функцыянальны інтэрнэт-сайт па пытаннях энергаэфектыўнасці з вельмі высокай наведвальнасцю. Ну і вядома, каледж – у ліку найбольш актыўных удзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон». Я лічу, вам абавязкова варта асобна пагаварыць з кіраўніцтвам каледжа. Запэўніваю, ім ёсць, пра што расказаць.

Не сумняваюся. Мы абавязкова гэта зробім ў блiжэйшы час. Дзякуй!

Posted in Статьи, интервью and tagged .